РусАрх

 

Электронная научная библиотека

по истории древнерусской архитектуры

 

 

О БИБЛИОТЕКЕ

ИНФОРМАЦИЯ ДЛЯ АВТОРОВ

КОНТАКТЫ

НА ГЛАВНУЮ СТРАНИЦУ САЙТА

НА СТРАНИЦУ АВТОРА

 

 

Источник: Кушнярэвіч А.Н. Аналіз графічных выяў Сафійскага сабора ў Полацку. В журн.: Беларускі гістарычны часопіс.  № 5, 2004. Все права сохранены.

Сканирование и размещение электронной версии в открытом доступе произведено: www.epolotsk.com. Все права сохранены.

Размещение в библиотеке «РусАрх»: 2007 г.

 

 

А.Н. Кушнярэвіч

Аналіз графічных выяў Сафійскага сабора ў Полацку

 

 

Адной з самых цікавых, загадкавых і трагічных старонак мураванага дойлідства Беларусі з’яўляецца сакральная і архітэктурна-будаўнічая гісторыя Сафійскага сабора ў Полацку. Помнік захаваўся значна горш за аднайменныя храмы Кіева і Ноўгарада, але гэта не зменшыла навуковага інтарэсу да яго.

Храм вывучалі расійскія даследчыкі А.П.Паўлінаў, П.П.Пакрышкін, К.В.Шыроцкі, М.І.Бруноў, І.М.Хозераў, М.К.Каргер, П.А.Рапапорт, а таксама беларускія навукоўцы М.М.Шчакаціхін, М.А.Ткачоў, В.Р.Слюнчанка, Г.В.Штыхаў, А.А.Трусаў і інш. Заключны этап яго архітэктурна-археалагічных даследаванняў быў праведзены ў 1975—1980 гг. навукоўцам з Ленінграда В.Булкіным (1). Вынікі гэтай працы дазволілі адказаць на многія пытанні, звязаныя з гісторыяй храма і эвалюцыяй яго аб’ёмна-прасторавай структуры.

Аднак да апошняга часу не была ўдакладнена і растлумачана версія аб прыстасаванасці полацкага Сафійскага сабора да абароны. Амаль што адначасова гэту гіпотэзу выказалі польскі гісторык С.Александровіч, а таксама беларускі археолаг М.Ткачоў. На іх думку, у канцы XV—першай палове XVI ст. сабор быў перабудаваны з сямікупальнага ў пяцівежавы храм абарончага тыпу. Пятая вежа, як адзначыў М.Ткачоў, узвышалася над цэнтральнай часткай храма (2). Падчас раскопак В.Булкіна не былі выяўлены рэшткі гэтых вежаў, хоць падмурак ХI ст. захаваўся па ўсяму перыметру храма. Выявы вежаў можна знайсці на акварэлі С.Пахалавіцкага 1579 г. “Штурм Полацка войскамі Стэфана Баторыя, 11—30 жніўня 1579 г.” і на шведскім плане, складзеным пасля захопу горада войскам Карла ХII у 1706 г. М.Ткачоў выявіў шэраг пісьмовых крыніц, якія ўскосна сведчаць, што полацкая Сафія стала прататыпам чатырохвежавых храмаў ВКЛ. Прапанаваная С.Александровічам і М.Ткачовым гіпотэза грунтавалася на пісьмовых і выяўленчых крыніцах і ўяўлялася навукова аргументаванай.

Спачатку аўтар гэтага артыкула цалкам яе падзяляў. Адсутнасць рэшткаў вежаў ён патлумачыў у сваёй манаграфіі “Культавае дойлідства Беларусі ХIII—XVI стст.” тым, што яны па прычыне вострай ваеннай неабходнасці былі прыбудаваны на неглыбокіх падмурках па вуглах храма (3). На думку Т.Габрусь, вежы не былі выяўлены таму, што яны “не былі круглымі, узведзенымі ад падмуркаў, як лічыў Ткачоў, а надбудаваны над квадратнымі ў плане вуглавымі часткамі (кампартаментамі) старажытнага сабора” (4). Пры больш глыбокім аналізе гэтай гіпотэзы відаць яе неадпаведнасць поліцэнтрычнаму характару развіцця культуры ВКЛ. Відавочным з’яўляецца таксама той факт, што з утварэннем Вялікага княства Літоўскага адбылося перамяшчэнне цэнтра дойлідства з Полацкай зямлі на Наваградчыну і Віленшчыну. Усе вядомыя цяпер чатырохвежавыя храмы ў асноўным узведзены ў Вільні і прылеглых да яе рэгіёнах. Менавіта тут выразна прасочваецца рух насустрач архітэктуры дзвюх хрысціянскіх канфесій — праваслаўя і каталіцызму і ў многім абумоўлены моцнымі уніяцкімі тэндэнцыямі XV—пачатку XVI ст. Таму тутэйшыя праваслаўныя храмы (Сынковіцкая, Супрасльская, Мураванкаўская цэрквы і інш.) уяўляюць сабой сінтэз руска-візантыйскага і гатычнага дойлідства. У Полацку не выяўлена элементаў гатычнага стылю, акрамя фрагментаў сасудападобнай і кратавай кафлі. Пра распаўсюджванне готыкі ў драўлянай архітэктуры горада дакладных звестак няма.

Далей важна адказаць на пытанне: ці гатовы быў Полацк матэрыяльна і тэхнічна да грунтоўнай перабудовы Сафійскага сабора? Даследаванні М.Ткачова, Ю.Якімовіча, С.Тарасава сведчаць, што ў XIV—XVII стст. сцены полацкіх замкаў былі зроблены з дрэва. Выяўленая ў 1980 г. В.Булкіным сядзіба полацкага епіскапа таксама была драўляная (5). Цікава, што ў XIV—XV стст. працягваў функцыяніраваць княжацкі церам ХII ст. У XIV ст. да яго была зроблена драўляная прыбудова, якая з’яўлялася часткай палаца полацкага намесніка (6). Недалёка ад палаца размяшчалася ў XIV ст. “дворная” царква Святога Мікалая, якая была ўзведзена з дрэва ў апошняй чвэрці XIV ст. Пасля атрымання ў 1498 г. Полацкам Магдэбургскага права ў Вялікім пасадзе была пастаўлена драўляная ратуша (7). У канцы XV ст. у Полацку з’явіліся бернардзінцы, якія толькі ў XVII ст. узвялі мураваны касцёл з кляштарам у Запалоцці. Мураваныя былі і езуіцкія пабудовы апошняй чвэрці XVI—канца XVII ст. (9).

Праваслаўных жа мураваных храмаў, як устанавіў С. Тарасаў па пісьмовых крыніцах, у Полацку ў XIV—XVII стст. не будавалі, а толькі рамантавалі ранейшыя (10).

Аналіз прыведзеных фактаў сведчыць, што ў XIV—XVI стст. усе важнейшыя пабудовы ваеннага, сакральнага і сацыяльнага характару ў Полацку былі ўзведзены з дрэва. Відаць, эканамічныя магчымасці горада не дазвалялі ажыццявіць капітальную перабудову сабора Святой Сафіі, ды, магчыма, у гэтым і не было патрэбы. Хутчэй за ўсё ў гэты час адсутнічалі таксама свае высокакваліфікаваныя кадры дойлідаў і майстроў па ўзвядзенні мураваных пабудоў.

У XVI ст. вокны храма былі часткова замураваны, што ператварыла іх у своеасаблівыя байніцы (11). Напэўна, на гэтым і было завершана прыстасаванне яго да абароны.

Для канчатковага ўдакладнення яго абарончых функцый важна яшчэ раз прааналізаваць і супаставіць вядомыя гісторыка-графічныя і картаграфічныя дакументы XVI—XVII стст., на якіх ёсць выявы полацкага Сафійскага сабора.

На акварэлі С.Пахалавіцкага 1579 г. помнік паказаны ў выглядзе велічнай пабудовы з чатырма вуглавымі вежамі цыліндрычнай формы і адной вежай у цэнтры аб’ёмнай кампазіцыі (мал. 2).

Менш інфармацыйным з’яўляецца другі малюнак С.Пахалавіцкага “Аблога Полацка каралём Стэфанам Баторыем”, выкананы да штурму горада войскамі Рэчы Паспалітай. Але на ім мы бачым зусім іншы храм. Гэта вежападобная двух’ярусная пабудова, якая мае па баках паніжаныя часткі, толькі прыблізна падобныя на вежы (мал. 1). Гэты малюнак вядомы ў некалькіх копіях з пэўнымі дапаўненнямі. Адна з іх выканана ў канцы XVI ст., як адзначае С.Тарасаў, Янам Баптыстам, які паказаў сабор як трохнефавую аднакупальную пабудову.

Акрамя двух вышэйзгаданых малюнкаў С. Пахалавіцкі зрабіў таксама карту Полацкай зямлі (12), ілюстраваную выявамі гарадоў Падзвіння. На гэтай карце сабор Святой Сафіі ўжо не пяцівежавы, а аднакупальны праваслаўны храм (мал. 3).

На ўсіх трох малюнках С.Пахалавіцкага, зробленых прыкладна ў адзін і той жа час, помнік мае розны архітэктурны выгляд. Таму можна зрабіць вывад, што перад намі не што іншае, як сімвалічныя выявы Сафійскага сабора.

Сімвалічныя выявы сабора размешчаны і на шведскім плане Полацка 1707 г. (мал. 4), дзе храм мае выгляд аднакупальнай пабудовы з трыма вежамі па вуглах. На гэтым плане намалявана яшчэ адна царква аналагічнай аб’ёмнай кампазіцыі. На думку М.Ткачова, гэта быў хутчэй за ўсё храм Святога Мікалая, пастаўлены на тэрыторыі Вялікага пасада (13).

У вышэйзгаданай манаграфіі аўтара артыкула ў пачатку раздзела, прысвечанага храмам абарончага тыпу, у пацвярджэнне графічнай версіі аб прыставанні Сафійскага сабора да абароны была змешчана выява з гравюры ХIХ ст. “Ефрасіння Полацкая” (мал. 5), дзе помнік намаляваны з усходняга боку ў выглядзе кампактнага чатырохвежавага храма. Аднак дэталёвае вывучэнне гэтага графічнага матэрыялу сведчыць, што эфект асобна стаячых вежаў утваралі тры апсіды*, якія мелі самастойныя дахі шатровай формы.

Для пацвярджэння далейшых высноў важна таксама згадаць гравюру “Штурм Полацка маскоўскім войскам” з “лятучага лістка” 1563 г., які ў гэты час выдаваўся ў Нюрнбергу, Аўгсбургу, Любеку і іншых нямецкіх гарадах (14). На гэтай гравюры Полацк паказаны еўрапейскім горадам са шчыльнай гатычнай забудовай. Менавіта такім яго ўяўлялі жыхары ганзейскіх гарадоў. Таму пры даследаванні сярэдневяковых графічных і картаграфічных выяў гарадоў важна ўлічваць, у якім культурным асяроддзі выхоўваліся іх стваральнікі. Аўтарамі вышэйзгаданых выяў Сафійскага сабора былі мастакі, чые архітэктурныя веды і ментальнасць фарміраваліся пад уплывам вежавых кампазіцый каталіцкіх храмаў.

Шматлікія архітэктурныя сімвалы Сафійскага сабора важна суаднесці з данымі пісьмовых крыніц, каб вызначыць, у якой ступені гэтыя выявы адпавядаюць рэчаіснасці. Так, напрыклад, не пацвярджае абарончага прыстасавання Сафійскага сабора апісанне, зробленае асабістым сакратаром Стэфана Баторыя Р.Гейдэнштэйнам, які адзначыў, што “храм у замку агромністы, на прыгожай мясцовасці і цудоўна пабудаваны з каменю” (15). Яно хутчэй за ўсё сведчыць пра тое, што ў другой палове XVI ст. помнік у асноўным захоўваў архітэктурны выгляд ХI ст. Калі б абарончыя функцыі сабора былі яскрава выражаны ў знешнім выглядзе, то Р.Гейдэнштэйн гэта б адзначыў.

На існаванне вежаў не ўказваюць і летапісныя крыніцы, прысвечаныя аблозе Полацка войскамі Івана Грознага ў 1563 г. Не ўзмацняе аргументацыю пра абарончыя функцыі храма і той факт, што ў 1579 г. маскоўскі ваявода і полацкі епіскап Кіпрыян зачыніліся ў Сафійскім саборы і апошнімі здаліся на міласць вялікага князя літоўскага і караля польскага Стэфана Баторыя, бо мураваныя храмы выкарыстоўваліся як сховішча ад ворага ў старажытнарускіх землях яшчэ ў ХIII ст.

Асаблівай увагі заслугоўвае сведчанне архімандрыта гродзенскага кляштара базыльянаў Ігнація Кульчынскага пачатку XVII ст., што уніяцкі архіепіскап Полацкі і Віцебскі Іасафат Кунцэвіч “у чатырох вуглавых вежах вярхі непатрэбныя і царкве ніякай красы не прыдаваўшыя скінуў, а сярэднюю вежу, прыгожа аздобіўшы, зрабіў яшчэ больш высокай” (16). Гэтыя звесткі дазволілі С.Александровічу сцвярджаць, што вежы былі ўвогуле разбураны (17).

Аўтар праекта рэстаўрацыі помніка В.Слюнчанка, які падвяргаў сумненню яго абарончае прызначэнне, лічыў, што былі знішчаны чатыры малыя купалы, а цэнтральны замест сферычнага атрымаў шатровае завяршэнн. Аднак такая перабудова сабора, больш падобная на яго разбурэнне, магла выклікаць дадатковае супраціўленне ўвядзенню уніяцтва з боку палачан. М.Ткачоў на аснове паведамлення І.Кульчынскага і шведскага плана 1707 г. выказаў меркаванне, што вежы засталіся, а было перароблена толькі іх завяршэнне (19). На нашу думку, І.Кульчынскі меў на ўвазе хутчэй за ўсё іх цыбулепадобную форму даху. Аналагічную форму, напрыклад, у першай палове XVII ст. мелі вежы і купал Супрасльскай царквы. Такі дах па загаду І.Кунцэвіча, напэўна, быў заменены на дах шлемавіднай формы.

Згаданае паведамленне І.Кульчынскага сведчыць, што з усіх вядомых графічных выяў Сафійскага сабора больш за ўсё рэчаіснасці адпавядаюць тыя, што змешчаны на акварэлі С.Пахалавіцкага “Штурм Полацка войскамі Стэфана Баторыя, 11—30 жніўня 1579 г.”, а таксама на шведскім плане 1707 г. Паўстае пытанне: як можна растлумачыць, што ёсць ускоснае ўпамінанне вежаў у пісьмовых крыніцах, іх выявы на графічных і картаграфічных матэрыялах другой паловы XVI—пачатку XVIII ст., аднак падмуркаў у працэсе археалагічных раскопак не выяўлена?

Гэтая супярэчлівасць найперш сведчыць пра тое, што Сафійскі сабор у XVI—XVII стст. захоўваў першапачатковы архітэктурны выгляд за выключэннем двух купалаў, якія знаходзіліся над вуглавымі часткамі нартэкса*. Хутчэй за ўсё яны былі пашкоджаны ў час вялікага пажару 1447 г., пра які полацкі епіскап Сімяон пісаў рыжскаму магістрату: “от огню много нам и вам щекоты стало в нашои церкви умурованой в Святемъ Софеи” (20). У гэты час храм меў ужо не першапачатковы пазакамарны дах** са свінцовых лістоў, а драўляны. Магчыма, менавіта ў сярэдзіне—трэцяй чвэрці XV ст. храм меў ужо не сем, а пяць купалаў. Пра гэта сведчыць тое, што ў звестках пра Полацк у “Спісе рускіх гарадоў”, складзеным у канцы XIV ст., сказана: “Святая София о седми версех” (21). Безумоўна, складальнікі “Спіса...” не маглі дапусціць неадпаведнага апісання сабора з улікам яго славутай сакральнай гісторыі і высокага сацыяльна-рэлігійнага статуса.

На вуглах жа Сафійскага сабора ўвогуле не было вежаў. Аднак уражанне іх наяўнасці тут рэльефна фарміравалі архітэктурная пластыка фасадаў у выглядзе плоскіх лапатак***, вузкія аконныя праёмы, камяні, што выступаюць з муроўкі сцен, і завяршэнне аб’ёмнай кампазіцыі ў выглядзе светавых барабанаў з купалам. Гэта так званая вежавасць храма добра адлюстравана на рэканструкцыях, зробленых Г.Штыхавым, В.Слюнчанкам, Г.Лаўрэцкім.

Такім чынам, сімвалічнасць выяў на гісторыка-картаграфічных дакументах, адсутнасць падмуркаў мяркуемых вежаў не дазваляюць лічыць полацкі Сафійскі сабор прататыпам абарончых храмаў Вялікага княства Літоўскага. У другой палове XV—XVII ст. помнік уяўляў сабой крыжовакупальны пяцінефавы трохапсідны руска-візантыйскі храм, які, падобна Сафійскім саборам у Кіеве і Ноўгарадзе, на працягу стагоддзяў захоўваў амаль што першапачатковы архітэктурны выгляд. Таму мы згодны з пунктам гледжання М.Шчакаціхіна, які лічыў менавіта Вільню, дзе ў пачатку XV ст. быў узведзены касцёл Святога Станіслава з чатырма вуглавымі вежамі, месцам узнікнення новага абарончага напрамку ў сакральным дойлідстве ВКЛ. Гэты помнік быў прататыпам Дабравешчанскага сабора ў Супраслі, Троіцкага, Прачысценскага сабораў у Вільні, Міхайлаўскай царквы ў Сынковічах, храма Ражаства Багародзіцы ў Мураванцы, Троіцкага кафедральнага касцёла ў Луцку, касцёла Іаана Хрысціцеля ў Камаях, Петрапаўлаўскай царквы ў Мінску.

Генезіс і эвалюцыя чатырохвежавых храмаў сведчыць аб пэўнай дэіерархізацыі праваслаўнага дойлідства гістарычнай Літвы. Традыцыя ж узвядзення абарончых храмаў зарадзілася ў Беларусі яшчэ ў ХIII ст. (храм-вежа ў Мсціславе) і працягвалася ў першай палове XVII ст. Вежы на вуглах храмаў былі не толькі фартыфікацыйнымі, але і важнымі сакральна-сімвалічнымі элементамі. Праваслаўныя абарончыя храмы гістарычнай Літвы ўяўляюць сабой этнарэгіянальны варыянт еўрапейскай готыкі.


1 Булкин В.А. Проблемы изучения Полоцкого Софийского собора // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983. С. 113—114; Ён жа. Полоцкий Софийский собор XI в. // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 15. Мн., 2000. С. 132—138.
2 Alexandrowicz St. Nowe zr
уdlo ikonograficzne do oblezenia Polocka w 1559 r. // Kwartalnik historii kultury materialnej. 1971. Сz. 1. S. 6—29; Ткачоў М. А. Новае пра Сафійскі сабор // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 2. C. 23; Ён жа. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХIII—XVIII стст. Мн., 1978. С. 130; Ён жа. Сафія Полацкая: партрэты // Спадчына. 1991. № 2. C. 44—46.
3
Кушнярэвіч А.М. Культавае дойлідства Беларусі ХIII—XVI стст. Мн., 1993. C. 64.
4 Габрусь Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. Мн., 2001. C. 34.
5 Булкин В.А. Исследования Софийского собора в Полоцке // Археологические открытия 1980 г. М., 1981. C. 331—332.
6 Раппопорт П.А., Шолохова Е.В. Дворец в Полоцке // Краткие сообщения Института археологии АН СССР. Вып. 164. М., 1981. C. 96—99.
7 Тарасаў С.В. Полацк IХ—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн., 2001. С. 83—107.
8 Kantak K. Bernardyni w Polscy.
Т. 1. Lwуw, 1933. S. 178.
9 Габрусь Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. C. 163.
10 Тарасаў С.В. Полацк IХ—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. C. 80.
11 Слюнченко В.Г. Полоцкий Софийский собор. Мн., 1987. C. 20—21.
12 Тарасаў С.В. Полацк IХ—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. C. 10.
13 Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХIII—XVIII стст. C. 131.
14 Сагановіч Г.А. Нарыс гісторыі Беларусі. Мн., 2001. C. 191—192.
15 Сапунов А. Витебская старина. Т. 4. Витебск, 1885. C. 215—217; Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХIII—XVIII стст. С. 128.
16 Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ—XVIII стст. С. 129.
17 Alexandrowicz St. Nowe zr
уdlo ikonograficzne do oblezenia Polocka w 1559 r. S. 25—26.
18 Слюнченко В. Г. Полоцкий Софийский собор. C. 20—21.
19 Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХIII—XVIII стст. C. 129.
20 Тарасаў С. В. Полацк IХ—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. C. 171.
21 Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. М.–Л., 1950. C. 476; Тарасаў С. Полацкая Сафія: Да пытання паходжання старажытнабеларускіх архітэктурных традыцый // Каштоўнасці мінуўшчыны. Вып. 3. Мн., 2000. C. 43.

 

 

НА СТРАНИЦУ АВТОРА

НА ГЛАВНУЮ СТРАНИЦУ САЙТА

 

 

Все материалы библиотеки охраняются авторским правом и являются интеллектуальной собственностью их авторов.

Все материалы библиотеки получены из общедоступных источников либо непосредственно от их авторов.

Размещение материалов в библиотеке является их цитированием в целях обеспечения сохранности и доступности научной информации, а не перепечаткой либо воспроизведением в какой-либо иной форме.

Любое использование материалов библиотеки без ссылки на их авторов, источники и библиотеку запрещено.

Запрещено использование материалов библиотеки в коммерческих целях.

 

Учредитель и хранитель библиотеки «РусАрх»,

академик Российской академии художеств

Сергей Вольфгангович Заграевский